Сэрца, аддадзенае дзецям

14.01.2019

         З 95-годдзем прымала віншаванні ад сваякоў, сяброў, калег, аднавяскоўцаў былая настаўніца Лышчанскай сярэдняй школы Кацярына Мікалаеўна Корзун.

         Нарадзілася Кацярына Мікалаеўна 14 студзеня 1924 года ў вёсцы Анаполье Чэрвеньскага раёна, Мінскай вобласці. У год заканчэння Хутарской сярэдняй школы пачалася Вялікая Айчынная вайна. У час вайны вяла сувязь з партызанамі. Бацька, Мікалай Паўлавіч Бандаровіч, загінуў на вайне. Маці, Марыя Канстанцінаўна, працавала ўсё жыццё ў калгасе. Пасля заканчэння вайны ў 1945 годзе паступіла Кацярына Мікалаеўна ў Мінскае педагагічнае вучылішча. Пасля вучылішча ў 1947 годзе была накіравана ў Лышчанскую школу, дзе і працавала да пенсіі настаўніцай пачатковых класаў. Тут жа і склалася яе асабістае жыццё, знайшла сваё каханне, стварыла сям’ю, выгадавалі разам з мужам сына і дачку. Муж, Сцяпан Іванавіч, працаваў у калгасе. Сын, Мікалай Сцяпанавіч, закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, працаваў у калгасе імя Леніна (в.Валішча) шэсць гадоў эканамістам. Пасля доўгі час працаваў у калгасе імя Кірава (в.Лышча) намеснікам старшыні калгаса. Дачка, Валянціна Сцяпанаўна, атрымала медыцынскую і педагагічную адукацыю. Шмат гадоў працоўнай дзейнасці аддала Пінскаму медыцынскаму каледджу. Зараз пільна сочыць за здароўем маці. У Кацярыны Мікалаеўны трое ўнукаў і шэсць праўнукаў. Дарагую маці, бабулю, прабабулю вельмі любіць і паважае сям’я.

         Кацярына Мікалаеўна ўвесь свой педагагічны талент аддавала любімай рабоце. “Добрая, тактоўная, вельмі інтэлігентная. І настаўнікі, і вучні яе паважалі і любілі, добрым словам успамінаюць і сёння”, - расказваюць калегі. За гады педагагічнай дзейнасці выхавала не адно пакаленне годных людзей. Многія яе вучні сталі выдатнымі настаўнікамі, інжынерамі, урачамі, журналістамі, навукоўцамі, проста рабочымі. Кацярына Мікалаеўна радуецца поспехам сваіх знакамітых вучняў: пісьменніка, рэдактара часопіса “Гаспадыня” Прыгодзіча Зіновія Кірылавіча, доктара філалагічных навук Прыгодзіча Мікалая Рыгоравіча, лётчыка Прыгодзіча Аляксандра Іванавіча і іншымі.

         У свае 95 з задавальненнем мае зносіны з аднавяскоўцамі, не страціла бадзёрасці духу, аптымізму і пачуцця гумару. Сёння акружана клопатам блізкіх і родных людзей. Вельмі актыўная, выдатна разбіраецца ў грамадска-палітычным становішчы і не разумее, як можна заставацца абыякавым да падзеяў, што адбываюцца ў роднай краіне. Яе жыццёвая пазіцыя да гэтага часу з'яўляецца прыкладам для ўсіх нас.