СУСТРЭЧА З ЗЕМЛЯКОМ

27.04.2018

Культурныя старонкі нашай мясцовасці багатыя плеядай бліскучых літаратурных імёнаў. Многія паэты і пісьменнікі любілі падарожнічаць па роднаму краю, яны пакінулі цікавыя ўспаміны, пуцявыя нататкі, паэтычныя радкі, прысвечаныя нашай малой радзіме. Мы ўдзячны лёсу за тое, што ён падараваў нашай лышчанскай зямлі шмат такіх людзей, сярод якіх заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, галоўны рэдактар сямейнага часопіса “Гаспадыня” Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч.

Ёсць людзі з мудрай галавою,

з нязгасным сэрца аганьком,

з магутнай сілай і красою –

мы іх героямі завём.

На іх шляхах, калі разважыць,

былі нягоды і імгла,

да іх вядомасць не адразу

цяпер праслаўленых прыйшла. (П.Броўка)

 Зіновій Прыгодзіч – добра вядомае ў сучаснай літаратуры імя. Пісьменніка ў большай ступені цікавіла тое, што адбываецца ў вёсцы, якія не толькі, але і духоўныя змены закранулі вясковага чалавека ў апошнія гады. Усе яго творы прысвечаны людзям беларускай вёскі, людзям працы.

 Зіновій Кірылавіч наведаў сваю малую радзіму. Не мінуў і школы. Вельмі прыемна было сустрэцца настаўнікам і вучням з знакамітым нашым земляком.

“Многія схільны падменьваць шчасце звычайнай радасцю. Ці так гэта? Радасць да шчасця як галінка да дрэва. Вядома, дрэва не можа жыць без галінак, і чым болей іх, гэтых галінак, тым прыгажэй, тым магутней дрэва. Тое ж і ў чалавеку: чым больш у яго штодзённых, вялікіх і малых радасцей – тым паўней, тым глыбей яго шчасце.

У кожнага сваё дрэва шчасця. А ўся зямля – гэта агромністы сад. І чым больш у ім здаровых, квітнеючых дрэў – тым прыгажэйшая наша зямля." (Мініяцюра Зіновія Прыгодзіча “І жыццё, і слёзы, і любоў”)