Гімн роднай мове

21.02.2018

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь.

Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

У школе  былі  арганізаваны свята“Гімн роднай мове” і лінгвістычная гульня-конкурс “Юныя лексіколагі”, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Чыталі вершы на беларускай мове і слухалі беларускія песні. Вучні і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабываемыя ўражанні.