ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

15.03.2017

Штогод 15 сакавіка адзначаецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Змены і дапаўненні прыняты на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года.

Дзеючая Канстытуцыя з'яўляецца галоўным, асноўным законам дзяржавы. На яе аснове фарміруецца ўся сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў.

Яна ўвасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.

Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду і правы, неабходныя для  працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

У школе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: лекцыйны форум “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававая аснова”, вусны часопіс “15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі”, прэзентацыя “Асноўны закон Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыя”. А таксама 14-гадовым былі ўручаны кнігі “Я грамадзянін Беларусі”.