Адзіны дзень інфармавання

17.11.2016

Кожны трэці чацвер у нашай школе ў гэтым навучальным годзе праходзяць агульнашкольныя гадзіны інфармавання на тэму “Бяспека на дарозе”. 17 лістапада адзіны дзень інфармавання быў прысвечаны тэме “Прычыны дарожна-транспартных здарэнняў”. Перад вучнямі, настаўнікамі, бацькамі выступіў інспектар ДПС ДАІ Пінскага РАУС лейтэнант міліцыі Райчук Віктар Фёдаравіч.

        В.Ф.Райчук паведаміў:

        - З кожным годам транспартных сродкаў становіцца ўсё больш і больш. Узрастае колькасць пешаходаў і пасажыраў на транспарце. Усё складаней становіцца абстаноўка на дарогах, узрастае інтэнсіўнасць дарожнага руху і верагоднасць дарожна-транспартных здарэнняў. Таму ўсім удзельнікам руху - пешаходам і вадзіцелям - трэба быць асабліва дысцыплінаванымі, уважлівымі адзін да аднаго. Дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца па віне як вадзіцеляў, так і пешаходаў. Што ж такое дарожна-транспартнае здарэнне? Пад дарожна-транспартным здарэннем маюцца на ўвазе падзеі, якія ўзніклі ў працэсе руху транспартных сродкаў і суправаджаюцца гібеллю або раненнем людзей, пашкоджаннем транспартных сродкаў, збудаванняў, грузаў або пацягнулі іншы матэрыяльны ўрон. Такім чынам, абавязковым крытэрыем, па якім падзея класіфікуецца як дарожна-транспартнае здарэнне, з'яўляецца працэс руху. Таму, скажам, пажар, які ўзнік у аўтамабілі на стаянцы, не разглядаецца як дарожна-транспартнае здарэнне. У чым жа прычына дарожна-транспартных здарэнняў? Прычына простая - няведанне пешаходамі правілаў дарожнага руху, недысцыплінаваныя паводзіны на вуліцах і дарогах, абыякавае стаўленне да патрабаванняў правілаў. Найбольш частымі прычынамі аварый па віне пешаходаў з'яўляецца раптоўнае з'яўленне іх на праезжай частцы, пераход перад блізка ідучым транспартам, пераход вуліцы (дарогі) ў неўстаноўленым месцы, выхад на праезжую частку з-за перашкоды, пераход праезжай часткі на чырвонае святло, няўважлівасць пры пераходзе вуліцы, хаджэнне па праезжай частцы і гульні на ёй, а таксама неабазначанасць пешахода светлавымі элементамі. Для забеспячэння бяспекі руху на вуліцах і дарогах прымаюцца розныя меры: паляпшаецца якасць пакрыццяў праезжай часткі, пашыраецца дарожнае палатно і абсталююцца абочыны для паляпшэння ўмоў руху і прыпынку транспарту, устанаўліваюцца дарожныя знакі, якія інфармуюць вадзіцеляў і пешаходаў аб дарожным становішчы і небяспецы, абсталююцца пешаходныя пераходы, устанаўліваюцца светлафоры. У найбольш небяспечных месцах дзяжураць інспектары дарожна-патрульнай службы.

        На развітанне Віктар Фёдаравіч пажадаў усім выконваць правілы дарожнага руху, бо правілы дапамогуць нам захаваць жыццё і быць здаровымі.