Суперэкспанат

05.01.2022

Вучні школы Гушча Антон і Малахоўская Вікторыя прадставілі ступу на раённым хіт-парадзе экспанатаў "Суперэкспанат".

"Ступа – гэта традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня пшаніцы, ячменю, проса, грэчкі на крупы. У нашай мясцовасці была пашырана ручная ступа. Яе рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёй 110-120  сантыметраў. У ствале выдзёўбвалі або выпальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40-50 сантыметраў.

Зерне ў ступе таўклі таўкачом, даўжыня якога дасягала 90-110 сантыметраў. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэсе таўчэння  для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. 

Шырока выкарыстоўвалі ступу ў народнай  медыцыне. Так, сяляне верылі, што ў ступе можна стаўкці хваробу.

Ступа з’яўлялася атрыбутам нячыстай сілы. Так, у некаторых месцах лічылася, што планетнікі таўкуць лёд у ступах, выраблячы град. А Баба Яга лётае ў ступе па сваіх нячыстых справах. Дзяцей пужалі, што непаслухмяных Баба Яга можа затаўчы ў сваёй ступе, а потым з’есці.

Я пра гэта пачуў ад свайго прадзеда Паўла. Вось і вам расказаў. А каб мой аповед не забыўся, вы таксама раскажыце  сваім сябрам. Так не парвецца нітачка часу, якая цесна звязвае нас з мінулым. Бо хто памятае мінулае, у таго ёсць будучае," - паведаміў у сваім выступленні Антон.